У сакавіку 2018 года пачаў дзейнічаць падпісаны Прэзідэнтам Беларусі і названы экспертамі "рэвалюцыйным" дакумент, які дае сур'ёзныя канкурэнтныя перавагі ў стварэнні лічбавай эканомікі ХХІ стагоддзя і развіцця Беларусі як IT-краіны – дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Яго мэты – не толькі прыцягненне сусветных IT-кампаній і падтрыманне ўнікальнага дзелавога клімату для прадстаўнікоў сферы, але і стварэнне камфортнай абстаноўкі для жыцця людзей ва ўмовах імклівага росту тэхналогій.
Дакумент, што атрымаў неафіцыйную назву «Дэкрэт аб ПВТ 2.0», стаў ключавым для беларускага Парка высокіх тэхналогій, які дзякуючы шырокай дзяржпадтрымцы з'яўляецца адным з прыярытэтаў эканамічнага развіцця краіны. Спецыяльны прававы рэжым тут замацаваны да 2049 года.
Прыняцце дэкрэта абумовіла актыўную цікавасць да ПВТ: за першае паўгоддзе 2018-га ў Парк прыйшло больш за 100 новых рэзідэнтаў – абсалютны рэкорд. Гэтаму садзейнічала і адмена віз для замежных работнікаў і заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ.
Эксперты адзначаюць: прыняты дэкрэт адкрывае новыя магчымасці для развіцця інавацый у Беларусі, дасягненняў у самых перадавых сферах ад штучнага інтэлекту да віртуальнай рэальнасці.
Ключавыя перавагі
Пашыраны сферы дзейнасці рэзідэнтаў ПВТ
Новы дакумент значна пашырыў пералік дазволеных відаў дзейнасці для рэзідэнтаў ПВТ, якія могуць як распрацоўваць ПЗ, так і ствараць уласныя высокатэхналагічныя прадукты з высокай дабаўленай вартасцю. У абноўленым спісе – распрацоўкі ў сферы біятэхналогій, медыцыны, авіяцыйных і касмічных тэхналогій, сістэмы беспілотнага кіравання транспартам, кіберспорт, біржы крыптавалют і многае іншае. Пры гэтым адсутнічаюць абмежаванні на аб'ём выручкі ад дадатковых відаў дзейнасці.
Спецыяльны рэжым ПВТ замацаваны да 2049 года
Дэкрэт прадоўжыў дзеянне спецыяльнага падаткова-прававога рэжыму ПВТ да 1 студзеня 2049 года. Сярод галоўных пераваг – зніжаная (да 9%) стаўка падаходнага падатку, вызваленне ад падатку на прыбытак і ПДВ. Акрамя таго, для заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ і наймаемых на работу замежных грамадзян адменены візы, дазвол на прыцягненне рабочай сілы з-за мяжы таксама не патрабуецца.
Важна! 1 студзеня 2021 г. уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2020 г. №72-З «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь», які змяшчае істотныя новаўвядзенні.
Згодна з дакументам, уведзена павышэнне стаўкі падаходнага падатку з даходу фізічных асоб, атрыманых па працоўных дагаворах ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, рэзідэнтаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і (або) сумеснай беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», з 9% да 13%. Павышаныя стаўкі будуць дзейнічаць да 1 студзеня 2023 г. Як адзначаюць у Міністэрстве па падатках і зборах, названая мера накіравана на кансалідацыю даходаў бюджэту для барацьбы з COVID-19. Пры гэтым асноўны пакет інвестыцыйных ільгот для рэзідэнтаў ПВТ і «Вялікага каменя» захоўваецца.
Нагадаем, стаўка падаходнага падатку 13% сёння з'яўляецца базавай для ўсіх фізічных асоб Рэспублікі Беларусь.
Легалізаваны крыптавалюты, ICO, смарт-кантракты
З прыняццем дэкрэта Беларусь фактычна стала першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн, першай дзяржавай, якая легалізавала смарт-кантракты. У ПВТ могуць працаваць крыптабіржы і крыптаабменнікі, а ў грамадзян і юрыдычных асоб ёсць магчымасць майніць, купляць, дарыць, абменьваць крыптавалюту. Да 2023 года дзейнасць па майнінгу, набыцці і адчужэнні токенаў для фізічных асоб і рэзідэнтаў ПВТ не абкладаецца падаткамі.
Работа IT-кампаній спрошчана
Дэкрэт №8 стаў сур'ёзным крокам па дэбюракратызацыі IT-бізнесу. Дакумент дазваляе заключаць знешнеэканамічныя здзелкі ў электронным выглядзе з выкарыстаннем інтэрнэту. Таксама рэзідэнты ПВТ маюць права праводзіць аперацыі з электроннымі грашамі без шэрага абмежаванняў. Адменены дазвольны парадак на адкрыццё рахункаў у банках-нерэзідэнтах.
Укаранёна выкарыстанне інстытутаў англійскага права
Юрыдычныя новаўвядзенні таксама закранулі дзейнасць рэзідэнтаў Парка. Дэкрэт дазваляе выкарыстоўваць шэраг інстытутаў англійскага права: канверсоўную пазыку, апцыён і апцыённы дагавор, пагадненне аб неканкурэнцыі і забароне пераманьвання, кампенсацыю маёмасных страт.
Падтрымка IT-адукацыі і падрыхтоўка кадраў для галіны
Беларусь зрабіла стаўку на развіццё IT-галіны і лічбавую трансфармацыю эканомікі, таму якасць падрыхтоўкі спецыялістаў – задача першараднай важнасці. І дэкрэт №8 афіцыйна замацаваў права рэзідэнтаў ПВТ займацца адукацыйнай дзейнасцю ў сферы ІКТ.