Калі вы плануеце весці бізнес у Беларусі, важна ведаць пра ўсе аспекты працоўнага заканадаўства.
У якасці першага кроку рэкамендуецца знайсці ў Беларусі юрыста, які растлумачыць вам правілы прыёму на работу і будзе трымаць у курсе любых змяненняў у заканадаўстве.
Працоўны дагавор у Беларусі
Працоўны дагавор заключаецца на:
- нявызначаны тэрмін;
- вызначаны тэрмін не большы за 5 гадоў (тэрміновы працоўны дагавор або кантракт);
- час выканання пэўнай работы;
- час выканання сезонных работ;
- час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы.
Скасаванне працоўнага дагавора (кантракта) у Беларусі
У Беларусі працоўны дагавор можа быць скасаваны ў адпаведнасці з наступнымі абставінамі:
- пагадненне бакоў;
- заканчэнне тэрміну дагавора, акрамя выпадкаў, калі ні адзін з бакоў не запатрабаваў спынення працоўных адносін;
- ініцыятыва аднаго з бакоў – работніка або наймальніка;
- перавод работніка (па яго згодзе) да другога наймальніка або пераход на выбарную пасаду;
- адмова работніка ад пераводу на работу ў іншую мясцовасць разам з наймальнікам, ад прадаўжэння работы ў сувязі са змяненнем умоў працы, зменай уласніка або рэарганізацыяй кампаніі;
- абставіны, якія не залежаць ад волі бакоў;
- скасаванне дагавора з папярэднім выпрабаваннем.
Звальненне ў Беларусі
Працоўнае заканадаўства Беларусі дакладна ўстанаўлівае падставы, па якіх наймальнікі могуць скасаваць дагавор.
Правілы звальнення ў Беларусі падрабязна выкладзены ў Артыкуле 42 Працоўнага кодэкса.
Заработная плата ў Беларусі
Кампаніі ў Беларусі могуць самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы работнікаў на падставе калектыўнага дагавора, пагаднення па аплаце працы і працоўнага дагавора.
Аднак на большасці беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый розных форм уласнасці заработная плата структуравана згодна з тарыфнай сістэмай.
Прадугледжана таксама сістэма дзяржаўных гарантый у галіне аплаты працы работнікаў. І адным з ключавых інструментаў з'яўляецца мінімальная заработная плата (МЗП), велічыня якой устанаўліваецца і рэгулярна індэксуецца ўрадам.
Дэкрэтны водпуск у Беларусі
Для нараджэння дзяцей і догляду іх працуючым жанчынам у Беларусі належыць дэкрэтны водпуск – адзін з самых працяглых у свеце. З мэтай павелічэння колькасці насельніцтва і павышэння нараджальнасці ў краіне шырока прымяняюцца меры дзяржаўнай падтрымкі маці і шматдзетных сем’яў.
Цяпер у Беларусі прадастаўляецца:
- аплатны водпуск па цяжарнасці і родах – 126 дзён (140 дзён у выпадку медыцынскіх ускладненняў, а таксама нараджэння двух і больш дзяцей);
- водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў з выплатай штомесячнай дзяржаўнай дапамогі: на працягу гэтага перыяду за жанчынай захоўваецца яе рабочае месца (па жаданні мама можа выйсці на работу раней);
- у выпадку нараджэння чарговага дзіцяці на працягу гэтых трох гадоў права на дэкрэтны водпуск прадастаўляецца зноў.
Акрамя таго, у Беларусі забяспечваюцца роўныя правы ў пытаннях выхавання дзяцей, таму па рашэнні сям'і водпуск па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў замест маці можа ўзяць працуючы бацька або іншы сваяк.
Спецыяльныя законы, якія датычацца замежных работнікаў
Работа іншаземцаў у Беларусі рэгламентуецца законамі «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб знешняй працоўнай міграцыі», міжнароднымі дагаворамі.
Грамадзяне Расійскай Федэрацыі маюць аднолькавыя з грамадзянамі Беларусі правы ў сферы працоўных адносін згодна з двухбаковымі пагадненнямі паміж дзяржавамі.
Акрамя таго, Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў Беларусі рэгулююцца пытанні працаўладкавання грамадзян Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана – таксама як і на ўсёй прасторы ЕАЭС, удзельнікамі якога з'яўляюцца 5 дзяржаў.
Прафесійныя саюзы ў Беларусі
Прафсаюзы традыцыйна актыўныя ў Беларусі. Прафсаюзным рухам ахоплена звыш 4 млн чалавек, што складае больш як 95 працэнтаў эканамічна актыўнага насельніцтва краіны.
Нацыянальны прафсаюзны цэнтр – Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) – аб’ядноўвае 15 галіновых прафсаюзаў, 6 абласных і Мінскае гарадское аб’яднанні, а таксама 137 раённых і гарадскіх аб’яднанняў.
Беларускі ўрад устанавіў строгія патрабаванні да работы прафсаюзаў. Аднак гэта не зменшыла іх уплывовасці. Яны па-ранейшаму эфектыўна выконваюць сваю галоўную ролю па абароне правоў працоўных.
Заканадаўства, якое рэгулюе працоўнае права ў Беларусі
Працоўнае права ў Беларусі ў асноўным рэгулюецца:
- Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь;
- Працоўным кодэксам;
- законам «Аб прафесійных саюзах»;
- законам «Аб знешняй працоўнай міграцыі».